back

Вёска Гара – сястра Хатынi

mozur

Нямыя помнікі маўчаць

Заімшэлі ўжо ад часу. А могуць яны шмат сказаць. Нам трэба гэта для адказу... 76 гадоў прайшло з тых часоў, як была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў уся Беларусь. Як напамінак аб жудаснай вайне стаяць абеліскі і помнікі.

“Вёска Гара – сястра Хатыні”

Тут дзейнiчала 3-я Беларуская партызанская брыгада, на тэрыторыі якой знаходзілася і вёска Гара. Дадзеная тэма практычна не распрацавана. Вельмі мала паведамленняў аб той жудаснай падзеі, якая адбылася на тэрыторыі былога Васільеўскага сельсавета. Сабраныя матэрыялы заснаваны на ўспамінах былых жыхароў вёсак Сасно, Палата, Забор’е, Жукавічы. На карце Беларусі не знайсці сёння назваў мнoгix даваенных вёсак. Яны былі спалены фашысцкімі карнікамі ў час вайны разам з жыхарамі. Такая трагедыя адбылася ў вёсцы Гара Полацкага раёна, якая не існуе і пасля вайны не адрадзілася.

Трагедыя вёскі Гара

На высокім беразе паміж азёр Асценец і Свацце была вёска Гара. Да вайны ў вёсцы было 13 двароў, у якіх пражывала 48 чалавек. Трагедыя вёскі Гара адбылася ў пачатку ліпеня 1942 года. Частка людзей з вёскі Гара схавалася ад фашыстаў у лесе. Карнікі напалі на вёску Свацця былога Васільеўскага сельсавета, але жыхары перад гэтым разбегліся і схаваліся ў лесе. Азвярэлыя ад няўдачы фашысты пачалі прачэсваць лес. Недалёка ад вёскі яны злавілі людзей, якія не ўцяклі ў лес. Гітлераўцы пагналі іх у вёску Гара, якая была ў 1 км ад вёскі Свацця. Перад гэтым немцы ў вёсках Сасно, Забор’е, Старына сагналі людзей у кучу і па спісу адабралі частку і пагналі ў вёску Гара. Там іх зачынілі ў хляве, які стаяў непадалёку ад возера Асценец. На другі дзень аблілі газай і падпалілі. Чатырохгадовы Віця Салаўёў, які нейкім цудам застаўся на волі, з плачам бегаў вакол палаючага хлява. Тады адзін з карнікаў падчапіў яго на штык і кінуў у палаючы агонь. Арцёменка Ганна спрабавала выратаваць дзяцей. З яе дапамогай здолелі выскачыць на волю пяцёра дзяцей. Трое дзяцей, што ўмелі плаваць, кінуліся да возера і схаваліся ў хмызняку, а ноччу пераплылі на другі бераг. Так яны змаглі выратавацца. Трое – гэта Спірыдонавы Леанід, Уладзімір і Вера. Двух другіх дзяцей, якія пабеглі дарогай, немцы аўтаматнай чаргой забілі.

Спірыдонаў Леанід Сцяпанавіч

Хачу расказаць аб тым чалавеку, які цудам застаўся ў жывых. Гэта Спірыдонаў Леанід Сцяпанавіч. Ён з братамі Уладзімірам, Віктарам і сястрой Верай у той дзень пайшлі ў лес за суніцамі. Частка вяскоўцаў хавалася ў лесе. А ў гэты час наехалі немцы. Яны шукалі партызан, бо вёска знаходзілася ў партызанскай зоне. Немцам удалося злавіць партызанскага разведчыка Вашчанка. Ім хацелі даведацца, дзе знаходзяцца партызаны. Немцы яго ў хляве падвесілі і жорстка здзекваліся над ім, але ён партызан не выдаў. Яго замучылі. Ганне Арцемёнак неяк удалося развязаць рукі і дзецям пашчасціла. З яе дапамогай вылезці праз дзіравы салямяны дах хлява. Немцы стаялі ля ўвахода і іх не пабачылі, бо яны вылезлі з другога боку. Спусціліся нізінай да возера Асценец, заросшага трыснягом. Там прасядзелі да вечара, а ноччу пераплылі возера і падаліся ў лес. Яго брат Уладзімір ад вялікага перапуду на ўсё жыццё застаўся нямым. Сёння дакладна нельга вызначыць колькасць ахвяр. Мне ўдалося ўстанавіць 16 імён загінуўшых жыхароў. На вялікі жаль, цяпер гэта зрабіць цяжка, няма практычна сведкаў тых падзей.

Помнік вёсцы Гара

У 1965 годзе на месцы былой вёскі пастаўлены помнік. На адкрыцці прысутнічалі жыхары навакольных вёсак, былыя партызаны 3-й Беларускай партызанскай брыгады. Аб устанаўленні помніка на старонках газеты “Сцяг камунізму” напісаў былы адказны рэдактар партызанскай друкарні Бяляўскі Павел. Вельмі важна, што ўдалося хоць часткова аднавіць спіс загінуўшых людзей. Хутка спіс гэтых людзей будзе на таблічцы помніка, каб людзі зналі, хто тут жыў і загінуў. Вёска была і яе не стала.

Пасляслоуе

А ці магла яна адрадзіцца зноў? Цяжка сказаць. Магла, але людзі пасяліліся ўжо на новых месцах. Яны не хацелі, каб гэта быў напамінак аб страшным. Вёска і не змагла б існаваць, бо 1954 годзе ўсе вёскі Васільеўскага і Алёсаўскага сельсаветаў былі пераселяны ў Палатоўскі і Маласітнянскі сельсаветы. Прычына заключалася ў тым, што на тэрыторыі гэтых вёсак быў створаны Дрэтунскі ваенны палігон для правядзення ўсесаюзных вайсковых вучэнняў.